Нядаўняе вызваленне палітвязняў, у тым ліку вядомых палітычных лідараў, абудзіла крохкія надзеі на лібералізацыю і адлігу ў Беларусі, а ў тых, хто ў вымушанай эміграцыі, — на вяртанне дадому. Спецдакладчык ААН перасцярог ад ілюзій: «Улады не падаюць ніякіх прыкмет змены палітыкі ці практыкі рэпрэсій». Як бы там ні было, нішто не вечнае, і калі-небудзь сотні тысяч беларусаў змогуць вярнуцца. Вось толькі рэаліі на радзіме могуць моцна адрознівацца ад таго, што малявала ўяўленне. Аднойчы ў нашай гісторыі такое ўжо было — пасля Другой сусветнай вайны. Расказваем, кім былі эмігранты, як з’явілася магчымасць вярнуцца, хто ёю скарыстаўся і якой перад людзьмі паўстала Беларусь праз дзесяцігоддзі пасля ад’езду.
Адкуль узяліся даваенныя эмігранты
Больш за 100 гадоў таму звыклы свет нашых продкаў абрынуўся. У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, неўзабаве праз нашую краіну прайшоў расійска-германскі фронт. За час канфлікту ў царскую армію мабілізавалі 924 тысячы беларусаў, яшчэ 1,2 млн сталі бежанцамі або былі эвакуяваныя. Частка з іх так і не вярнулася на радзіму.
У 1917 годзе адбылася рэвалюцыя. Потым былі нямецкая, савецкая і польская акупацыі, якія змянялі адна адну і не далі паўнавартасна рэалізавацца нашай дзяржаве — Беларускай Народнай Рэспубліцы. На Захад выехала яшчэ 122 тысячы чалавек.
У 1921 годзе Расія і Польшча падзялілі нашую краіну. Усходняя Беларусь, дзе абвясцілі БССР, засталася пад кантролем Масквы і неўзабаве стала часткай СССР, чые жыхары не маглі самавольна выязджаць з краіны. Заходняя Беларусь дасталася Варшаве. Тая трактавала гэтыя землі толькі як аграрны прыдатак, што штурхала беларусаў на эканамічную міграцыю — тым больш што выезд быў свабодным. Паводле адных звестак, з Заходняй Беларусі з’ехала 130 тысяч чалавек, паводле іншых — 180−250 тысяч. Усё гэта адбывалася да 1939 года, пакуль не пачалася Другая сусветная вайна, а Польшчу не падзялілі паміж сабой дзве таталітарныя дзяржавы — СССР і Германія.
Такім чынам, у пачатку вайны на Захадзе знаходзілася немалая колькасць беларусаў, а пасля яе заканчэння іх там было яшчэ больш (многія былі вывезеныя або з’ехалі ў ваенныя гады). І частка з іх хацела вярнуцца на радзіму.
Але толькі нямногія эмігранты ведалі, што Іосіф Сталін зусім не спыніў палітыку рэпрэсій, распачатую ў 1930-я. Напрыклад, беларуская газета «Рэха», якая выходзіла ў Францыі, паведамляла пра рэпрэсіі, узровень жыцця ў калгасах, русіфікацыю. «Тысячы ўцекшых грамадаўскіх кіраўнікоў з Заходняй Беларусі ў Менск былі зрадліва павешаны, расстрэляны або высланы ў Сібір», — пісала выданне — але пра падзеі, якія мелі месца яшчэ да вайны. Да таго ж большасць беларусаў-эмігрантаў праз нізкі ўзровень самасвядомасці атаясамлівала сябе з рускімі і палякамі, а ў іх нацыянальных арганізацыях была вельмі моцная камуністычная прапаганда.
Праўды не было і ў заходняй прэсе. Класічны прыклад — Галадамор у пачатку 1930-х, пра які на Захадзе нічога не ведалі. Саюз у той час быў надзвычай закрытай краінай, а ва Украіну і на Каўказ, дзе голад быў асабліва моцны, замежнікаў не пускалі зусім. Нешматлікія спробы расказаць праўду ў заходняй прэсе (напрыклад, выпадак Гарэта Джонса, які пранік на Данбас) спыняліся ці абвяргаліся савецкімі агентамі ўплыву, публікацыі не ўспрымаліся сур’ёзна. У выніку ў свеце пра Галадамор даведаліся — і паверылі ў гэта — толькі ў 1980-я.
Важна, што на ідэалагічным абслугоўванні СССР былі дзясяткі еўрапейскіх інтэлектуалаў. Напрыклад, на піку масавых рэпрэсій у Маскву прыехаў нямецкі пісьменнік Ліян Фейхтвангер. У прыватных размовах ён абураўся адсутнасцю ў СССР свабоды слова і жорсткай цэнзурай, крытыкаваў услаўленне Іосіфа Сталіна. Але, бачачы ў Саюзе процівагу нацызму на сваёй радзіме, у сваёй прасавецкай кнізе «Масква 1937» Фейхтвангер пісаў зусім інакш. Напрыклад, што сяляне найбольш востра адчулі розніцу паміж беспрасветным цёмным мінулым і шчаслівай сучаснасцю, эфектыўна вядуць сельскую гаспадарку, маюць багатую ежу, адзенне, кіно, радыё, тэатры, газеты. Хоць у рэальнасці ў іх забралі ўсю маёмасць падчас стварэння калгасаў, яны цяжка працавалі і жылі ў галечы, сталі ахвярамі голаду і рэпрэсій.
Прапаганда працуе на славу
Большая частка эмігрантаў, пра якіх ідзе гаворка ў гэтым артыкуле, з’ехала не з палітычных, а з эканамічных прычын — перш за ўсё праз нізкі ўзровень жыцця. Мала хто з іх паспеў пажыць за савецкай уладай дастаткова, каб ацаніць вынікі яе палітыкі. Пры гэтым за мяжой яны, жывучы ў дэмакратычных краінах, прывыклі да таго, што ўлады ў большай ці меншай ступені адказваюць за свае словы (інакш выбары не выйграеш). На гэтым фоне многія выхадцы з Беларусі не маглі ўявіць маштабаў хлусні савецкай прапаганды, таго, наколькі лозунгі не супадаюць з рэальнасцю. А прапагандысцкая машына працавала на поўную катушку. Яшчэ ў міжваенны час СССР арганізаваў у Францыі, ЗША і Балгарыі так званыя саюзы вяртання на радзіму, завабліваючы праз іх былых суайчыннікаў назад. З канцом вайны гэты працэс актывізаваўся.
Пачалі з тых, хто апынуўся за межамі СССР падчас Другой сусветнай. Яшчэ ў лютым 1945 года на сустрэчы ў Ялце Іосіф Сталін з кіраўнікамі ЗША і Вялікабрытаніі Франклінам Рузвельтам і Уінстанам Чэрчылем дамовіліся пра абавязковую рэпатрыяцыю ўсіх грамадзян Саюза, якія трапілі ў гэтую катэгорыю.
Так з-за мяжы вярнулася 4,2 млн чалавек, сярод іх 520 тысяч беларусаў. Гэта былі ваеннапалонныя, сагнаныя на прымусовыя работы, а таксама калабаранты, якім не ўдалося застацца на Захадзе. Пры гэтым была дамова, што абавязковаму вяртанню падлягаюць грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі СССР у межах да 1939 года. Дзякуючы гэтаму жыхары заходніх частак Беларусі і Украіны, якія апынуліся ў англійскай і амерыканскай зонах акупацыі, маглі самі вырашаць, хочуць яны вярнуцца ці не. Да канца 1945-га, калі паміж саюзнікамі пачалі нарастаць супярэчнасці, Захад перайшоў да прынцыпу добраахвотнасці і для «ўсходнікаў». Пасля гэтай праграмы ў заходніх краінах засталося каля 500 тыс. чалавек з усяго СССР, у тым ліку каля 50 тыс. беларусаў.
Потым савецкія ўлады ўзяліся за тых, хто з’ехаў яшчэ да вайны. Увосень 1945 года выйшлі ўказы пра аднаўленне ў грамадзянстве СССР падданых былой Расійскай імперыі, якія жылі ў Кітаі. У чэрвені 1946-га аналагічныя пастановы прынялі ў дачыненні да выхадцаў з царскай Расіі, якія жылі на тэрыторыі Францыі, Балгарыі, Югаславіі, пазней — Чэхаславакіі. Грамадзянства маглі атрымаць і іх дзеці, якія нарадзіліся за мяжой.
Навошта ўлады гэта рабілі? Яны хацелі кампенсаваць чалавечыя страты пасля вайны. Стаўка рабілася на вяртанне па-прасавецку настроенага насельніцтва. Таксама ўлады імкнуліся не дапусціць, каб з ліку невяртанцаў другой хвалі эміграцыі сфармаваліся актывісты, якія будуць змагацца з савецкім ладам. Але галоўнае, што такая акцыя давала прапагандзе магчымасць трубіць пра тое, як людзі, сутыкнуўшыся з жахамі капіталізму, вяртаюцца да шчаслівага сацыялістычнага жыцця.
Каб прывабіць новых жыхароў, улады стварылі спецыяльную структуру — Упраўленне ўпаўнаважанага Савета народных камісараў (пазней Савета Міністраў) СССР па справах рэпатрыяцыі грамадзян СССР з Германіі і акупаваных ёю краін. Узначаліў яе генерал Філіп Голікаў, у штаце былі шматлікія прапагандысты. Вось як іх асноўныя тэзісы сфармуляваў адзін з эмігрантаў, Алег Івашкевіч (цытата паводле кнігі Валерыя Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну»):
«У СССР няма беспрацоўя, бо праца для ўсіх абавязковая, а таму няма галечы і няма бяздомных. Жанчыны маюць роўныя правы з мужчынамі. Хлеб бясплатны для ўсіх. Вучоба ў школе абавязковая для ўсіх да 17 гадоў, вышэйшая адукацыя бясплатная. Медыцына і лекі бясплатныя. Свабода веравызнання поўная. Выхад на пенсію для мужчын устаноўлены ў 55 гадоў, для жанчын — у 50».
Усё гэта было далёкае ад рэчаіснасці. Але ў пасляваеннай Францыі тады была 30-працэнтная інфляцыя, праблемы з забяспечаннем, дэфіцыт ежы і карткі на хлеб. Нядзіўна, што беларусы, якія настальгавалі па радзіме, паверылі прывабным карцінкам сацыялізму. У дадатак адважная барацьба СССР з нацызмам, а таксама яго саюзніцкія адносіны з краінамі Захаду выклікалі гонар і прымушалі верыць, што трагічныя старонкі гісторыі засталіся ў мінулым і краіна ідзе наперад.
Ведамства генерала Голікава дзейнічала як пернікам (прапаганда, лісты ад сваякоў, напісаныя пад дыктоўку спецслужбаў, абяцанні кватэр, высокааплатнай працы і т.д.), так і пугай. Яны:
- патрабавалі ў мясцовых уладаў спісаў эмігрантаў, а каб паскорыць працэс іх вяртання, затрымлівалі адпраўку на радзіму французаў, італьянцаў і грамадзян іншых краін, якія апынуліся на кантраляваных СССР тэрыторыях;
- абзаводзіліся агентурай у лагерах для перамешчаных асоб;
- абвяшчалі эмігрантаў памагатымі нацыстаў, пасля чаго ў краінах Усходняй Еўропы іх арыштоўвалі і выдавалі прадстаўнікам СССР (праўда, на Захадзе патрабавалі прадставіць суду доказы, а іх не было, і ідэя хутка правалілася);
- выкрадалі людзей і вывозілі на тэрыторыю савецкіх прадстаўніцтваў (ад гэтай практыкі давялося адмовіцца ў 1946 годзе пасля скандалу ў Італіі, калі мясцовыя газеты расказалі, як муж-італьянец і мясцовыя паліцэйскія адбівалі ў выкрадальнікаў жанчыну родам з СССР).
У выніку па праграме рэпатрыяцыі, паводле звестак на 1 студзеня 1952 года, у СССР вярнулася 451 тысяча чалавек, у тым ліку 9856 беларусаў. Сярод апошніх тры з чатырох былі выхадцамі з Заходняй Беларусі.
Паламаныя лёсы
Шок чакаў іх адразу па прыездзе.
«На савецкай мяжы ў нас забралі французскія пашпарты, нібыта каб зрабіць савецкія дакументы. Забралі таксама нашы грошы, бо іх трэба было памяняць, бо тут гэта не грошы, а паперкі. І пашпартоў яны не вярнулі, і грошай у савецкай валюце не аддалі. Гэта быў вялікі падман», — успамінала адна з тых, хто пераехаў, у размове з Валерыем Каліноўскім, аўтарам кнігі «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну». З гэтай жа кнігі — гісторыі дзвюх сем’яў, расказаныя ніжэй.
Яніна Грынцэвіч (Сташко) нарадзілася ў 1930 годзе ў Францыі, у шахцёрскім гарадку каля Ліля. Увосень 1946-га яна з бацькамі-беларусамі добраахвотна выправілася ў СССР на параходзе з Марсэля.
«Мы дык ехалі як рабочыя трэцім класам, а першым і другім класам на цеплаходзе плылі і тыя, хто пасля рэвалюцыі паўцякаў за мяжу, хто вёз з сабой машыны, іншую маёмасць, хто пакінуў у Францыі бізнес, лекары, інжынеры, выкладчыкі. І іх адразу адправілі за краты, а маёмасць усю забралі. І чаго яны вярталіся?» — здзіўляецца Яніна. У Грынцэвічаў была толькі швейная машынка «Зінгер» і трохі грошай. Можа, таму ім пашанцавала: супрацоўнікі спецслужбаў вывучылі іх дакументы, сказалі, што «даўгоў перад савецкай уладай» у іх няма, — і адпусцілі.
Сям’я пераехала ў вёску ў Астравецкім раёне. І вельмі хутка зразумела, што гэта было памылкай. Аднойчы Іван Грынцэвіч у нейкай спрэчцы заявіў парторгу і супрацоўніку НКУС, што яны кажуць глупства замест таго, каб працаваць. За гэтыя словы яго асудзілі на год турмы. Так ён навучыўся, што ў гэтай краіне трэба маўчаць.
Мужчына спрабаваў выбрацца з СССР хаця б у Польшчу, нават даў камусьці хабар у Вільнюсе — безвынікова (з Саюза не выпускалі нікога з эмігрантаў, якія вярнуліся). Іван працаваў у калгасе і аднойчы зарабіў за год усяго 50 кг жыта. Ад голаду сям’ю ратавала прывезеная з Францыі швейная машынка «Зінгер».
«Дзеці дражнілі мяне, бо я не ўмела гаварыць па-беларуску. У Францыі мы былі рускімі, у Беларусі — французамі», — успамінала Яніна (пазней яна вывучыла беларускую мову). Да яе бацькоў кожны месяц прыязджаў міліцыянт, кантраляваў іх і прымушаў падпісваць нейкія дакументы. Два яе лісты сябрам у Францыю засталіся без адказу. «Мы сядзелі як мыш пад венікам. Лістоў болей не пісалі, баяліся», — расказвала жанчына.
Дзіўна, але ў 1973 годзе прадстаўнікі Францыі знайшлі Івана Грынцэвіча і паведамілі, што яму належыць пенсія. Савецкія ўлады прымушалі яго адмовіцца, але ўнук пераканаў нічога не падпісваць. У выніку мужчына пачаў атрымліваць суму ў эквіваленце 100 даляраў — паводле сучаснага курсу гэта 729 даляраў. Паколькі ў СССР мець валюту і мяняць яе было нельга, выдавалі гэтыя пераводы не грашыма, нават не рублямі, а чэкамі на эквівалентную суму, па якіх можна было купіць тавары ў пэўных крамах. У 1980 годзе Іван памёр (далей частку яго пенсіі атрымлівала другая жонка). Яніна ж толькі ў 2019 годзе ажыццявіла сваю мару і ўбачыла родны гарадок у Францыі.
Яшчэ адзін прыклад з кнігі — сям’я Атрашкевічаў. Яе галава, беларус Станіслаў, паслухаў савецкіх агітатараў і разам з жонкай Аленай і дзвюма маленькімі дочкамі, Францішкай і Чаславай, пераехаў з Францыі ў СССР. Старэйшы сын Браніслаў застаўся давучвацца ў інстытуце ў Парыжы, каб потым далучыцца да іх. «Была такая прапаганда, што і бацька паверыў, што на роднай зямельцы надта ж ужо добра, — успамінала Алена Атрашкевіч, трэцяя дачка, якая нарадзілася ўжо ў Беларусі. — Пераезд бацька ўспамінаў як кашмар. Да мяжы давезлі іх у добрых вагонах, а пасля перасадзілі ў цялячыя. З Францыі яны нічога не прывезлі, толькі адзенне. Апрануцца ў іх было ўва што, а болей нічога». Пазней яе бацька казаў родным, што, калі б ведаў, як яго сустрэне СССР, ніколі б не вярнуўся.
У Францыі Станіслаў быў сельскагаспадарчым рабочым, жыў у дастатку, арандаваў дом з садам. Захаваўся ліст ад яго працадаўцы, што да прыезду сям'і ў памяшканне даставяць мэблю і кухоннае абсталяванне. У Беларусі Атрашкевічы змаглі купіць толькі маленькі дамок плошчай 24 квадратныя метры.
«Дужа бедна мы жылі, пакуль я не пайшла працаваць, — расказвала Алена. — Цяпер прыгадваю гэта як кашмар. Мы жылі на тое, што заробіць тата. У маці быў поліартрыт, мела пакручаныя рукі, то не магла рабіць. А рабіў мой бацька ў леспрамгасе, <…> лес грузілі. <…> Пачынаеш успамінаць — і плакаць хочацца. Не ведаю, як выкручвалася маці. З тых часоў не магу глядзець на кіслую капусту, помню ўвесь час гэты суп з кіслай капусты».
Неўзабаве пасля прыезду сям’я страціла маленькую Францішку: яна аказалася не гатовай да маразоў і памерла ад менінгіту. З сынам Станіслаў перапісваўся і адгаварыў яго вяртацца. Апошні ліст ад яго прыйшоў у 1954 годзе. Як далей склаўся лёс Браніслава, так і засталося невядомым.
У 1978 годзе Станіслаў атрымаў французскую пенсію. «Дзякуючы гэтай пенсіі мы трохі пажылі. Тата атрымліваў яе толькі два гады. Аднак прымусіў нас купіць машыну, бо ён так пра яе марыў усё жыццё. Потым мы купілі яму шыкоўны касцюм, туфлі, кашулі і іншыя рэчы. А як паправіцца здароўе, планавалі паехаць разам на машыне да сваякоў», — расказвала яго дачка. Але не ўдалося — у 1980-м Станіслаў Атрашкевіч памёр. Пасля гэтага частку пенсіі атрымлівала яго жонка.
Высылка ў Сібір
Для гэтых дзвюх сем’яў пераезд у СССР стаў наймацнейшым узрушэннем, аднак іх сітуацыя была яшчэ далёка не горшай. Бо яны выжылі — а так пашанцавала далёка не ўсім «вяртанцам».
«Свае гісторыі змаглі расказаць тыя, хто дажыў да гэтага часу, хто не згінуў пасля Францыі ў ГУЛАГу недзе ў Сібіры, не быў застрэлены пры спробе нелегальна перасячы мяжу СССР і Польшчы, каб усё ж вярнуцца ў Францыю, хто не скончыў жыццё самагубствам, не загінуў ад хвароб, суму і злоўжывання алкаголем. Пра такія трагічныя лёсы сваіх сяброў і знаёмых, таксама перасяленцаў з Францыі ў СССР, апавядалі мае героі. А яны самі выжылі, бо яны і іхныя бацькі былі нешматслоўнымі, трывалі, прыстасоўваліся, не пярэчылі ўладам», — пісаў аўтар кнігі Валерый Каліноўскі.
Напрыклад, у 1951 годзе ў Сібір адправілі былых вайскоўцаў арміі Андэрса, якія вярнуліся ў СССР (яе ўдзельнікі ваявалі падчас Другой сусветнай у складзе войскаў саюзнікаў супраць Гітлера). На спецпасяленне ў Іркуцкую вобласць Расіі выслалі больш за 4,5 тысячы чалавек (уключаючы сем'і), якія прыбылі ў асноўным з Англіі. Пераважалі беларусы і Украіны. У высылцы яны заставаліся да 1958 года, калі палітыку рэпрэсій спынілі.
Рэдкія гісторыі поспеху
Такія сярод вяртанцаў былі, але ўжо пасля смерці Сталіна і толькі сярод тых, хто прыехаў у СССР добраахвотна.
Першы прыклад — лёс кампазітара Сяргея Картэса. Беларускіх каранёў у яго не было: яго мама і яе бацькі былі рускімі, якія ў 1921 годзе пад пагрозай арышту ўцяклі з СССР і дабраліся да Чылі. Там маці будучага кампазітара выйшла замуж за мясцовага жыхара Альберта Картэса — і рассталася з ім, калі Сяргею было паўтара года (ён нарадзіўся ў 1935-м). Пасля гэтага бацькі мамы павезлі яе і чацвярых яе дзяцей у Аргенціну. Дзядуля Картэса прытрымліваўся прасавецкіх пазіцый. Таму ў 1948 годзе сям’я, паверыўшы прапагандзе, вырашыла вярнуцца дадому і падала заяву ў савецкую амбасаду.
На шчасце, консул, які ведаў пра рэпрэсіі на радзіме, схаваў дакументы пад сукно, дзе яны ляжалі да 1953 года, пакуль не памёр Іосіф Сталін. Толькі пасля гэтага справе далі ход, і ў 1955-м сям’я вярнулася з-за акіяна.
«Калі ўзнікла пытанне пра тое, куды мы хочам паехаць, сказалі — усюды, акрамя Масквы і Піцера. Тады дзед напісаў: куды палічыце патрэбным нас паслаць… Так мы апынуліся ў Мінску», — расказваў Сяргей. Ён прыехаў у Беларусь у 20 гадоў, а пасля стаў паспяховым кампазітарам, аўтарам опер «Джардана Бруна», «Матухна Кураж», «Візіт дамы», «Юбілей», «Мядзведзь». У 90-я гады паспяхова ўзначальваў мінскі Оперны тэатр.
Паводле Картэса, яго сям’я зусім не шкадавала, што вярнулася. Да часу.
«Нашмат большым шокам быў 89-ы год, калі я прыехаў у Аргенціну ўпершыню пасля ад’езду. Я нібы вярнуўся ў маладосць, убачыў, які велізарны крок зрабіла Аргенціна, сустрэўся са сваімі сябрамі. Я быў шакаваны: думаў, страціў я нешта ў жыцці або знайшоў», — прызнаваўся кампазітар.
Другая гісторыя поспеху — лёс Карласа Шэрмана, які нарадзіўся ў 1934 годзе ў Мантэвідэа, сталіцы Уругвая, потым жыў у Аргенціне. Яго бацька быў эмігрантам з Заходняй Беларусі, які з’ехаў у 1920-я на заробкі. У 1956 годзе ён вярнуўся на радзіму з сям’ёй. Шэрман стаў вядомым перакладчыкам з іспанскай на беларускую і рускую і наадварот. Яго самай знакамітай працай стаў пераклад рамана Габрыэля Гарсіі Маркеса «Восень патрыярха» — першы на тэрыторыі СССР (быў выкананы сумесна з Валянцінам Тарасам). Таму ў Паўднёвую Амерыку Карлас не імкнуўся.
«Шэрман досыць скептычна ставіўся да ідэі (і магчымасці) вярнуцца ў краіну, якую ты пакінуў шмат гадоў таму, — расказвала „Люстэрку“ пісьменніка Ганна Янкута. — <…> Шэрман называе гэта другаснай эміграцыяй, ці эміграцыяй вяртання, і лічыць яе не менш трагічнай за эміграцыю першасную. Бо за пэўны час чалавек прывыкае да новага жыцця, паспявае пусціць у ім карані — і даводзіцца чарговы раз пачынаць усё з нуля. Да таго ж краіны, у якую чалавек вяртаецца, ужо не існуе, яна засталася толькі ў яго ўспамінах, бо час ідзе, змяняецца і сам чалавек, і яго колішняе асяроддзе. І яно часам не гатовае прыняць цябе назад, ты ўжо чужы там, дзе некалі быў сваім».
Зрэшты, бывалі выпадкі і такога вяртання на Захад. У 1958 годзе Поль Шылёнак разам з бацькамі, якія падчас вайны былі вывезеныя ў Германію і потым аселі ў Францыі, прыехаў у Беларусь у госці да бабулі і дзядулі. Але на мяжы ва ўсёй сям'і забралі пашпарты і адправілі ў калгас пад Бабруйскам. Ужо ў нулявыя гады Поль змог аднавіць французскае грамадзянства і цяпер жыве ў прыгарадзе Парыжа.
Чытайце таксама

